Суббота, 04.05.2024, 18:03
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"Приветствую Вас Гость | RSS

Афіцыйны сайт пісьменніцы Галіны Сутула

Философизмы

Кажуць, што кожны з нас у жыцці выконвае адведзеную яму ролю. Згодна, што ўсе мы – акцёры на падмостках Сусвету. Толькі акцёры розныя. Адзін робіць сваю справу шчыра, а другі фальшывіць. І ўсё больш жадаючых выконваць адмоўныя ролі.

*

Кажуць, што ў хвіліну смерці душа чалавека ўзлятае ў недасягальныя пры жыцці высі. Няўжо  для таго, каб адчуць сябе шчаслівым, трэба спачатку памерці?

*

Дом для дзіцяці павінен быць не толькі месцам, дзе дадуць есці, апрануць, абуюць… Дом павінен стаць узлётнай паласой для душы.

*

Крочаць за гарызонт дні. Акунаюцца ў вечнасць гады. А я – маленькае зярнятка, кінутае ў бязлітасны жэраў млына часу. Трушчыць мяне, абдзірае, шпурляе, ператварае ў муку. Але я пахрышчана на мукі і вымушана трываць. Важна адно: не страціць у гэтай крупэрні натуральны белы колер.

*

Прыгажосць і розум, як тыя ружы, павінны быць калючымі, каб іх нельга было сілком прымусіць служыць злому і чорнаму.

*

Мы жывём у краіне наёмных забойцаў. Адны забіваюць фізічна, другія – маральна, трэція – духоўна. Адны знішчаюць цела, другія – розум і свядомасць, трэція імкнуцца яшчэ пры жыцці зрабіць мёртвай душу. Хто прымушае кожнага з нас быць кілерамі?

*

Жыццё – гэта чарга за білетам на пахаванне. Можна адстаяць у ёй цэлыя дзесяцігоддзі, нічога больш не робячы, а можна паспець пакінуць пасля сябе добры след.

*

Слова – самая грозная зброя ва ўсе часы і народы. Злое слова робіць людзей ворагамі, зайздроснае – пазбаўляе іх спакою, а нярэдка і жыцця. Добрае разумнае слова кліча да перамір’я. Слова можа вылечыць душу і распяць яе.

*

Чым большы талент у чалавека, тым больш яго цураецца грамадства. Святло заўсёды асляпляе тых, хто прызвычаіўся. Як крот, сядзець у цемені.

*

Не лічы сябе вяршыняй: пры падзенні зверху можна разбіцца.

*

Каханне правяраецца і мацуецца часам, а прысмак жыцця больш востра адчуваецца ў небяспецы. Яна, як спецыфічная прыправа, пасыпаная на свежапрыгатаваную страву, прымушае інакш успрымаць свет, асэнсоўваючы яго каштоўнасць.

За цэлы дзень шмат думак завітае ў галаву. Адны прыгрэюцца, затуманяць розум і застануцца, другія прыткнуцца і пабягуць. Гэта пасля мы ацэньваем ды хапаемся: "Ах, якія яны былі разумныя і патрэбныя!” Так павялося: талковых людзей і слушныя думкі мы ўспамінаем добрым словам тады, калі яны пакідаюць нас назаўсёды.

*

Смерць – сцерва жаночага полу. Яна ўпіваецца ў ахвяру, прымушае яе расплачвацца манетай найвышэйшай вартасці. Ні маркі, ні долары, ні рублі яна ў разлік не прымае, з істэрычнай сквапнасцю ўпіваецца адабраным жыццём.

*

Адлегласць паміж жаданым і магчымым увесь час павялічваецца. Усё жыццё ідзе на тое, каб сцерці ці хоць бы скараціць гэты разрыў.

Некаму патрэбна ўлада над масамі. Нехта рвецца да ўлады над людской свядомасцю. Я задавальняюся ўладай над сабой. Усе мы хочам уладарыць. Толькі б разумна…

*

Кажуць, што хуткасць язды раскрывае характар чалавека. Люблю ездзіць мерна: за вокнамі тады можна разгледзіць жыццё.

*

Усё далёкае і недасягальнае здаецца вясёлкавым. Калі ж мы пераступаем тую мяжу, вясёлкавасць знікае. Няўжо ў нас столькі дрэннага, што яно здольна абясколерыць бесклапотны стракаты вясёлкавы свет?

*

Душэўны  разумны чалавек – залатая пясчынка сярод груды аднаколернага пяску.

*

Дзеці прыязджаюць да бацькоў, калі ім нешта трэба. Бацькі прыязджаюць да дзяцей, калі ім ужо не трэба нічога.

*

 У чалавека тры хаты. Адна – хата Духа яго. Гэта Храм. У ім светла, цёпла і ўтульна душы. Другая – хата жыцця. Гэта зямля, на якой нам усім хапае месца. Трэцяя – хата цела. Гэта могільнік. Там спакойна і ціха.

Святыня – жыццё – памяць. Спрадвечная повязь…

Кожны з нас павінен прыкладаць намаганні, каб усе тры хаты трымаць у чысціні.

*

Жыццё, як медаль, мае дзве бакавіны: бліскучую папярэднюю і адваротную. І кожны ў сваім лёсе спазнае і бляск, і чарнату, бо такая заканамернасць: калі ведаеш смак цукру, то паспрабуеш на язык і соль.

*

Жыццё. Што ўцэнены магазін. Абясцэньваюцца грошы, тавары, твары, чалавечыя ўзаемаадносіны.

Чалавек, які мае фізічную сілу, але не мае духоўнай, --  звычайны хлам. Разумею чаму ў краіне зараз вельмі востра паўстае праблема забруджання навакольнага асяроддзя.

*

Надвор’е пахмурнае, але калі блісне вокам сонейка, наваколле імгненна ператвараецца са старой бурклівай бабы ў спрытную фартовую нявесту. Раптоўна набягае думка: давайце абдымаць гэту зямлю пры жыцці, бо пасля смерці яна абдыме нас!

*

Каб адагрэць цела чалавека, трэба агонь і сонца. Каб адагрэць душу, дастаткова веры.

Каб вылечыць цела чалавека, трэба лекі. Каб вылечыць душу, трэба вера.

Каб жыло цела, трэба ежа і сон. Каб жыла душа, трэба вера. Як шмат трэба, каб жыло цела і як крышачку трэба, каб жыла душа. Толькі вера, адзіная і такая неабходная для духоўнага жыцця.

*

Любіць чалавецтва немагчыма, не любячы кожнага чалавека.

*

Нішто не праходзіць бясследна: добрыя справы чалавека ідуць наперадзе яго.

*

Дымок з чужога вогнішча не грэе, але цяплее на душы ад думкі, што некалі ў сваёй хаце можна будзе адагрэць задубелую душу.

*

Бітком набіты аўтобус. Жыццё сабрала пад адной страхой старасць і маладосць, немач і здароўе: каб адным прыпомніўся пачатак іх жыццёвага шляху, а другім нагадалася, што наперадзе вечны прыпынак.

*

На грэшнай зямлі нават бялюткі снег, які падае з неба, робіцца чорным, як людское сумленне.

*

Нібы лісток, людскі лёс трымціць і кружыць на ветры часу. Рознаколерным дываном падзей засцілаецца мінулае. І так хочацца, каб на гэтым дыване залатым праменьчыкам быў выведзены ўзор шчаслівай беларускай будучыні.

*

Усё пройдзе: жаданае і непрыемнае, чаканае і раптоўнае, прыгожае і страшнае. Упірайся –не ўпірайся – час цягне нас на нябачным ланцугу да прорвы нябыту.

*

І дзяцей, і бацькоў абдымае час. У гэтых абдымках дзеці робяцца дарослымі, а бацькі – старымі. З моцных абдымкаў не выбрацца нікому: ні беднаму, ні багатаму. Справядлівы закон прыроды, які робіць усіх нас роўнымі перад ёй.

*

Кожны чалавек зарабляе на кавалак хлеба надзённага па-рознаму. Адзін, каб займець яго, ідзе на пустое запушчанае месца, ачышчае яго, акультурвае, працуе да поту, сее і даглядае… Другі, убачыўшы залаты колас, хапае серп і бяжыць жаць гатовае. 

Адзін ідзе сваім шляхам і яму хапае таго, што ён мае. Другі гатовы ісці па галовах, плячах, спіхваць з дарогі іншых і старацца завалодаць тым, што яму не належыць. У пагоні за нажывай можна не прыкмеціць прорву, якая паглынае кожнага, хто лічыць, што яму патрэбна і што ён мае права мець больш за астатніх.

*

З чужой кватэры – у сваю хату, са сваёй хаты – у "времянку”, з "времянки” – на могільнік. Колазварот пакаленняў. Жыццё.

*

Жыццё – рулон палатна. Чым больш ён раскручваецца, тым менш тканіны ў ім застаецца.

*

Наперад па жыцці крочаць адзіночкі. Натоўп таўчэцца на месцы.

*

"Ляпіць” сябе не проста, але цікава. Пераадольваючы з цярпеннем і настойлівасцю перашкоды, якія дае нам Госпад Бог, мы "лепім” сябе – асобу ці нікчэмнасць. Каб у жыцці не было выпрабаванняў, не было б і асоб, якія з гонарам іх адольваюць.

*

Пацалаваць сябе магчыма. Цалуючы дзяцей, мы цалуем сябе.

*

Старайцеся налюбавацца зямлёй твар у твар, збоку, зверху і ніколі не спяшайцеся паглядзець на яе знізу.

*

І дабро, і зло вяртаюцца бумерангам. Вось толькі ўдары ў двух выпадках розныя па моцы: адзін дае сілы і ўздымае, другі збівае з ног.

*

У кожнага чалавека  свая праўда, але чыя бліжэй да Бога, тая найменш патрэбна людзям.

*

Час тупае і тупае наперад. Ужо нашы дзеці выходзяць на падмосткі сцэны жыцця, а мы, іх бацькі, ціха сыходзім на падсобныя ролі і эпізоды.

*

 Ёсць людзі асобіны, а ёсць Асобы. Ёсць людзі лічынкі, а ёсць Личности.

*


Інтарэс да жыцця стымулюецца прагрэсам у ім.

*

Час – наш выратавальнік і магільшчык. Аддаляючы ад праблем, ён набліжае  нас да вечнага спачыну.

*

Адны людзі ўсё жыццё думаюць да каго прыхінуць сваю старасць, другія – да каго прыхінуць душу. Калі прыхінуцца душой да Госпада, то куды прыхінуць старасць, думаць ужо будзе не трэба.

*

Людзі прыходзяць і адыходзяць. Застаюцца ўчынкі, дзякуючы якім наша зямля альбо квітнее, альбо зарастае палынам.

*

Людзі прыходзяць да Бога рознымі шляхамі, у розных узростах, па розных прычынах. Госпад прыходзіць да людзей адным шляхам і з адной мэтай: выратаваць душу, азарыць яе святлом любові.

Дык няхай жа будзе бласлаўлёны той дзень і час, калі дарагім госцем у нашу душу прыйдзе Госпад і застанецца ў ёй Уладаром, Суддзёй і Збаўцам!

*

Меню сайта
ПЕСНИ НА СЛОВА АВТОРА
Форма входа
Погода
Поиск
Календарь
«  Май 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Наша кнопка




Архив записей
<
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0