Суббота, 04.05.2024, 21:27
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"Приветствую Вас Гость | RSS

Афіцыйны сайт пісьменніцы Галіны Сутула

Юмор

Зязюля

Ягор Закаўнерны і Фёдар Каркаваны былі суседзямі. Абое працавалі на заводзе. Абое мелі жонак і па дзесятку год  сямейнага стажу на ўпрыдачу. Нягледзячы на штодзённае пілаванне сваімі палавінамі, мужчыны трывалі, не гублялі пачуцця гумару і, больш таго, знаходзілі час для любімага занятку. А хобі было. Таксама адно на дваіх. Найцікавейшае пры любых уладах. Самае распаўсюджанае і жывучае сярод любых эпох і народаў: бутэлька з цыгарэтай на закуску.

Нядзеля абяцала быць пагодлівай.

Ягор расплюшчыў вочы і адразу ж зажмурыўся. Дзённае святло з’едліва разанула па вачах. Салодка пазяхнуў, пацягнуўся. Натрэніраваным слыхам улавіў прыемную жончыну валтузню з посудам. Жывот звяло, але прыемная думка, якая раптоўна засвярбела ў патыліцы, прымусіла яго замаўчаць.

Ягор успомніў, што ўчора купіў гузікі ў новы касцюм, а заадно паўбутэлек, каб замачыць пакупку.

Ускочыў, нібы на спружынах падкінуты. Хуценька апрануўся і хацеў непрыкметна ад палавіны слізгануць да суседа.

Тлустым воблакам жонка выплыла з кухні якраз тады. Калі Ягор набіраў у зале разгон.

Разгублена ўсміхнуўшыся, гаспадар растлумачыў:

-- Пайду падыхаю. Духата ў нас.

І ціскануў з пакоя. Пазваніў суседу. Пакуль цёхкалі, адкрываючыся, замкі, аж спацеў.

Убачыўшы Фёдара, прафесійна пстрыкнуў сябе па шыі:

-- Прычына ёсць. Гузікі новыя купіў. Толькі як нам скааперавацца?

-- Хто гэта зранку прыпёрся? – громам ляснуў голас Фёдаравага анёлка. – Зноў Ягор? Зачыні дзверы і ідзі кран рамантуй, а то патопімся хутка. Лайдак.

-- Ты ідзі, -- зашаптаў Ягор. – А як нашы цяцеры ў раймаг зграбуцца, я табе сігнал падам. Пракукую. Чакай.

Яны разышліся.

Паснедаўшы, Ягор ляжаў, сыта і млява разваліўшыся на канапе, злаваў на жонку, якая вельмі марудна збіралася " у горад”.

Праз паўгадзіны зайшла Фядорыха, і жанчыны заселі на кухні. Ягор не ўтрываў:

-- Дзяўчынкі, а па магазінах прабегчыся не жадаеце?

-- Ах ты. Хітруга, -- насмешліва адазвалася жонка. – Думаеш не ведаем чаго адпраўляеш? Гарэлкі захацеў? Дамовіліся ўжо? Не выйдзе. Лепш гадзіннік адрамантуй. Тры гады назад  зязюлю заела дык да цяперашняга радачкі даць не можа. А яшчэ мужчына. Зрабі сюрпрыз, займіся справай.

Цяжка ўздыхнуўшы, Ягор заняўся рамонтам. Жанчыны па-ранейшаму лялякалі ў зале. Не паспеў ён падкруціць нейкую гайку, як з трэскам, скрыгатам і шыпеннем з гадзінніка выкулілася зязюля і, дзеўбануўшыся галавой у Ягораў нос, хрыпла закукавала.

Ад нечаканасці Ягор адхіснуўся і зваліўся з лесвіцы. Зязюля працягвала кукаваць. Пачуўшы доўгачаканае "ку-ку”, Фёдар рвануўся да суседа, схапіўшы раней прыхаваную паўлітэрку: ісці з пустымі рукамі саромеўся.

Хутка зарыентаваўшыся на чужой кухні, схапіў дзве стограмоўкі, саставіў усё на паднос і, як запраўскі афіцыянт, паплыў у залу, несучы хобі на працягнутай далоні.

-- Ужо іду, ужо, -- суцяшаў суседа, які дагэтуль чамусьці не перастаў кукаваць.

Расчыніў дзверы ў залу і застыў. Ягор ляжаў на канапе, войкаючы і трымаючыся за бок. Ягорыха і яго, Фёдара, жонка сядзелі побач і, задраўшы галовы, глядзелі на зязюлю, якая надрыўна выводзіла несканчонае "ку-ку”.

Скалечаны вінавата апраўдаваўся:

-- Гадзіннік во адрамантаваў. Маруся папрасіла.

Праз хвіліну гаркаватае хобі жлукатала ва ўнітаз. Без згрызот сумлення пражорлівая пасудзіна паглынала вечнае мужыцкае шчасце.

У пакоі па-ранейшаму надрывалася механічная зязюля.

"Свая доля”

Год назад Мікодусь руплівы атрымаў на канцы горада соткі -- карміцца ж неяк трэба. І дачка замуж выйшла, і сыны пажаніліся, здавалася б,   вывучыліся, усе  пры справе, толькі па-ранейшаму да бацькоўза харчамі штотыдня наязджаюць. Прыйшлося агарод на старасці браць. Праўда, які там агарод?! Лапікла як добрай бабе раскапусціцца, але зямелька чорная. Урадлівая. Бульба адразу ў рост шыбанула.

-- Недзе ў ліпені ўжо са свежай будзем, -- радаваўся Мікодусь, клыпаючы на соткі. 

Падышоў бліжэй і… аслупянеў. Добрую чвэртку ягонай багіні нехта ўжо вылупіў. Вялізнае цыбатае кіліўе з бульбінкамі-недаросткамі валялася абы-як: відаць, "госці” спяшаліся.

Мікодусь страціў сон і апетыт. Усё думаў, як тых злодзеяў за руку ўхапіць. Былы спрыт ды сілу гады ўпраталі, а з кійком не надта наваюеш.

-- І ўсё ж калі не злаўлю, хоць напужаю, -- вырашыў ён і ў наступную ноч прыткнуўся на мяжы ў "засадзе”.

Перакуліла за поўнач. Ля сотак тармазнула аўто. Нават прыцемкам ды без акуляраў бачна – замежнае.

Трое дужых дзецюкоў, падобных на Шванцэнегера, узброеныя рыдлёўкамі і мяшкамі, дзелавіта, без лішніх слоў, узяліся за справу. Аж  сэрца заходзілася, калі бачыў Мікодусь, як яго багінька ладным карчоўем сыпалася ў зладзейскія мяшкі.

-- Дзе ж ты такіх напужаеш? У парашок сатруць, -- цюкала думка, -- Можа ў іх ля кожнай нагі па аўтамату. Часануць разок і я. як тое каліва, адвалюся.

Толькі сядзець і глядзець на такі глум не мог. Не вытрываў. Сам не свій Мікодусь выпаўз з "засады” і як лунацік наблізіўся да хлапцоў.

На яго спачатку не звярнулі ўвагі. Мікодусь застыў бы слуп і, не адрываючыся, глядзеў на пузатыя мяхі таксама замежнай вытворчасці.

Нарэшце хлопцы перакінуліся парай слоў і адзін з іх запытаў:

-- Што, дзед, чацвёртым хочаш быць? 

Мікодусь, нічога не разумеючы, кіўнуў. Той жа хлопец прынёс яшчэ адну рыдлёўку, кінуў мех:

-- На, старайся. Колькі паспееш – тое і тваё.

Гэта да Мікодуся дайшло. Адкуль сілачкі ўзяліся?! Так рупіўся, так пацеў аж дзецюкі рагаталі:

-- Во, дзед даў коксу! Давай, давай, націскай на газ, старая рада будзе.

Праз гадзіну агарод выкапалі. Дзецюкі зграблі мяшкі, ухапілі і са тры Мікодусевы.

-- Пайшлі, дзед. На фазэнду падкінем.

Мікодусь з шыкам падкаціў да сваёй развалюхі. Хлопцы выкінулі мяшкі на гана

-- Ты нас, дзед, не бачыў, мы цябе – таксама, а то ведаеш…

Дзед успомніў апошні амерыканскі баявік і спешна запэўніў:

-- Ведаем, ведаем, вучоныя. Дзякуйце за дапамогу.

Аўто, ціха шапочучы коламі, ад’ехала. Мікодусь апусціўся на ганак, прыкідваючы, як без крыўды раздзяліць "сваю долю” на вялікае сямейства.

Перадкалядны "падарунак”

Пранусь Зыбкін сярод вяскоўцаў карыстаўся асаблівай павагай і попытам. Ніводзін двор не абыходзіўся без яго спрытных рук, а перад Калядамі ён быў нарасхват. Рэдкую на сёння прафесію – свежаваць вепрукоў – ён пераняў ад дзеда і не шкадаваў. Ніводная пагалоўшчына без пляшкі не абыходзілася. Была выпіўка, была і закусь. Ды яшчэ ладны кавалак шкваркі дадому прыносіў.
А ягонай Фросі такія "паходы” былі не ў нос. Перавыхоўваць яе ў Прануся часу не было ды і не верылася, што ў пяцідзесяцігадовым узросце можна з выдры ў анёлка ператварыцца. Таму кожны раз, калі Фрося занадта шырока раскрывала свой падпечак, ён грозна падымаў вялізны. Пачырванелы ад марозу і сіверу кулак, ад удару якога вяпрук брыкаў з ног нібы здохлы камар, і жонка здавала пазіцыі.
Настала доўгачаканая зіма. На пагалоўшчыну да суседа Пранусь нібы на крылах ляцеў. Па-першае, Пятрок адкрываў сёлетні вепруковы сезон.па-другое, зацярпеўся Пранусь даўно не бачачы пляшкі. 
За паўдзёнак управіліся. Абмыліся. Селі за стол. На ім было ўсё. Акрамя бутэлькі. Разгублены Пятрок развёў рукамі:
-- Даруй, сусед. Сваю норму выпілі ў пачатку месяца, калі сват прыязджаў, а больш, сам ведаеш, -- не даюць.
Зыбкін вярнуўся дадому нібы з ланцуга сарваўшыся. Спагнаў злосць на сабаку: так падфутболіў Рэкса, што той пераляцеў праз плот на суседні двор. Каб крыху супакоіцца, падсеў да тэлевізара, націснуў кнопку: на табе! Быццам насміхаючыся, на экран тут жа ўсплыла бутэлька з двума Распуцінымі. Пранусь абклаў мацюкамі і яе. Як быў, у паддзёўцы, бухнуўся ў ложак, дзе ўжо спала жонка, выводзячы носам мудрагелістыя сімфоніі.
Пранусь доўга круціўся, стагнаў, бурчэў, кляў і гандаль, і суседа, і яго свата, і жонку. Нарэшце самкнуў павекі. Прыгожы сон адагрэў яго задубелую душу….
Пранусь  зноў на пагалоўшчыне ў Петруся. Сусед, не шкадуючы. Дастаў вялізную пузатую бутэльку з чужой этыкеткай.
-- Во! На карткі не даюць дык у доларавым аддзеле прыдбаў. Германская. Ажно два літры. Разлівай, даражэнькі.
У Прануся аж рукі затрэсліся.
-- Бадай яе пранцы, якая прыгажуня. Што мая Фрося перад вянцом – паглядзець  прыемна. Хоць бы не разлілася. Гарэлка, відаць, з "раялевай” пароды. Мо "Распуцін”, ці "Разін” ці "Смірнофф”? – пранеслася ў галаве.
Толькі ён наліў пляшкі сабе, суседу і  яго бабе, як праз парог перакуліўся ўжо не вяжучы лыка ўсім вядомы забулдон Цыпрук. Схапіў "германку” за горла і ходу. Ды не тут было. Пранусь дагнаў яго, схапіў загрудкі. Пачырванелы ад марозу і сіверу кулак з усяго размаху ўляпіўся ў Цыпрукову пераносіцу. Чорна-сіні "штамп” распукнуўся пад правым вокам, амаль закрываючы яго. Цыпрук выпусціў чужаземку і закрычаў чамусьці Фросіным голасам:
-- Ах каб цябе парвала. Мала таго, што днём пад бакі таўчэш, дык і ноччу няма табе ніякага пардону. П’янтос пракляты, каб цябе ліхаманка.
Пранусь прачнуўся і паглядзеў на жонку. На пераносіцы і пад правым вокам яе красаваўся здаравенны, амаль у абхват мужчынскага кулака, чорна-сіні фінгал.

"Залатая” саланіна

Камерцыя – справа нялёгкая: і начэй не даспіш, і нервы не раз ускруціш, і страху нацерпішся.
Пятрок за доўгія гады прызвычаіўся да ўсяго. І якія перашкоды не з’яўляліся б на шляху, ён настойліва, кожныя выхадныя, затарыўшы багажнік аўтамабіля, адпраўляўся на Расію. І той раз, перахрысціўшыся, як заўсёды, пакінуў роднае Глыбокае. Кіламетры беглі неўпрыкмет. Вось і беларуска-расійская мяжа. Далей – суседская зямля. 
Задумаўшыся, Пятрок не прыкмеціў, як націснуў на педаль газу.  Толькі ўбачыўшы  даішніка з радарам, глянуў на спідометр, але было ўжо позна.
Пачуўшы пра штраф, Пятрок цяжка ўздыхнуў і палез за кашальком. У гэты час даішнік, абышоўшы машыну. Унюхаў саланіну. Беларус без слоў зразумеў суседа-славяніна і, схаваўшы кашалёк,  адчыніў багажнік. Даішнік укінуў пальчаткі ў салон Петраковай машыны і пачаў паласаваць кавалкі. Напакаваў торбу кіль на дзесяць і махнуў рукой: "Едзь, маўляў”. Петрака праз хвіліну і след прастыў. За дарогу ён падлічыў, што штраф яму абышоўся б танней, бо на сале страціў каля шасцідзесяці долараў.
Толькі прыехаўшы на рынак, мужчына ўбачыў на задняй сядушцы пальчаткі даішніка. Калі браў іх, пад ногі звалілася  складзеная ў некалькі столак паперка. Паперка аказалася трыма стодоларавымі купюрамі, якія, відаць, строс даішнік  у час дзяжурства.
Жаданне вяртаць пальчаткі ахоўніку парадку, у Петрака раптоўна прапала. На душы стала  сонечна ад думкі з якім "апетытам” есць даішнік яго "залатую” саланіну.

Пагоня

 Пятро быў мужчына прыжымісты і ўчэпісты. Яго гаспадарка, як тая дзеўка на выданні, была ладная ды багатая. Пятро вырошчваў агуркі і памідоры на продаж. Засяваў вялікія плошчы збажыной. Развёў курэй нейкай дзіўнай пароды. Меў пчол і траляваў мёд на рынак бідонамі. Калі пастарэў і страціў былую руплівасць, шмат спраў закінуў, а вось ад пчол адмовіцца не мог. А пчолы гэтыя, як тая жонка, вельмі ўедлівыя ды пераборлівыя. Развядуць сямейства і цесна ім у вуллі. Нікога не папярэдзіўшы, сваёй "мафіяй” збіраюцца і лятуць шукаць новую кватэру. Але гэта да слова.

Аднойчы з раніцы Пятрок пасварыўся з жонкай. Хто каго "дапёк” невядома, але жонка дэманстратыўна сабрала чамаданы і пехатой, напрасткі пашыбавала ў родную вёску.

-- Да сівых валасоў дажыла, а розуму, як у курыцы, -- крыкнуў у роспачы Пятрок.

Не паспеў ачухацца ад перапалкі, як бачыць: з вулля выкаціўся клубок пчол і напрасткі накіраваўся ў той бок, куды паспяшала жонка. Пятрок і пра сварку забыўся. Кінуўся бегма да суседа, папрасіў асядлаць "ЗАЗ” наўздагон, а сам – вярхом на каня. Сусед на "Запарожцы”, а ён – на кані.

Шыбуе жонка, азіраецца. Бачыць, яе Пятрок вярхом скача, шапка на лоб збілася, кашуля расшпілена, нешта крычыць. Сусед таксама гарлапаніць, рукой у яе бок паказвае.

-- Ага, так я вам і спынілася, -- думае жанчына. – Бач, прыпёрла: і сам даганяе, і суседа ў памочнікі ўзяў.

Хутка, падымаючы пыл, яе абагнаў сусед на "Запарожцы” і Пятрок. Абмінулі, нават не заўважылі. Толькі цяпер да жанчыны дайшло: не за ёй была пагоня. Аж заплакала ад крыўды, а пасля раздумалася. Завярнулася – і дамоў. Усё парабіла.  Есці зварыла. Вярнуліся мужчыны. Пятрок аж цвіў: рой удалося вярнуць. На радасцях, забыўшыся пра сварку, ён ашчапіў жонку за плечы, пацалаваў.

У іх жыцці яшчэ часта здараліся сваркі і непаразуменні. Толькі жонка больш ніколі не сабірала чамаданы. Відаць, разумела: жыццё пражыць – не лапці сплесці. Не той жонкай даражаць, якая найхутчэй пакідае хату пасля сваркі, а той, якая ўмее дараваць.

Як бабанькі брыгадзіра памылі

У савецкія часы на кожнай жывёлагадоўчай ферме быў пакой адпачынку, так званы чырвоны ккуток. Каб пасядзець, папіць чайку, пагутарыць пра справы. У той жа час была ў пашане і добрая завядзёнка будаваць на фермах душавыя. Чаго лепш: скончыў дойку, памыў бідоны і сам пад душ.
На адной з ферм раёна да нядаўняга часу гэтага самага душа і не было. Будматэрыялы прывозілі, але яны праз ноч "рабілі ногі”, а пазней матэрыялізаваліся то ў хлеўчык, то ў лазню на брыгадзіравых сотках.
Калі даяркі паскардзіліся старшыні, работа закіпела. Брыгадзір самаручна злажыў душавую з лістоў ДСП, кавалкаў дошак, шыферу, падпёр палкамі. Адным словам, узвёў цень на пляцень.
Жанчыны, баючыся, заходзілі ў душавую і, калі мыліся, іншы раз павярнуцца неасцярожна баяліся, каб сцены не разваліліся.
Праўду кажуць: ліха без дабра не бывае. Аднойчы суботнім адвячоркам брыгадзір, зашкаліўшы паўбутэлек, "уваліўся” ў душавую….
Жанчыны, якія прыйшлі даіць кароў, застылі ад здзіўлення на парозе фермы. Сцены душавой дружненька і роўненька ляжалі на падлозе, а голы брыгадзір, гарлапанячы песню, старанна цёрся вяхоткай.
-- Глядзіце, бабы, наш Яўхімавіч стрэптыз паказвае, -- засмяялася адна з маладзіц. – А бажыўся, што душавая нас перажыве. Давайце, бабанькі, патром яму плечыкі.
Жанчыны, пакідаўшы даёнкі, наляцелі на брыгадзіра. Хто плёскаў на яго халоднай вадой з конаўкі, хто хвастаў венікам па плячах…. Бедалага насілу ўцёк. У чым маці нарадзіла без праз агароды дадому…
Праз тыдзень на ферме пачала працаваць сапраўдная душавая. Цагляная, дабротная, з прылазнікам. Вось толькі брыгадзір перавёўся на іншую ферму. Але нават на новым месцы, казалі, ніколі не рызыкаваў заходзіць у душ у час дойкі.

Гарчыня

Быў час абеду. На завадской тэрыторыі, пустой ад людзей, дружна і мітусліва пырхалі вераб’і. Недзе ў высокім застрэшку гаражоў кугукалі галубы.
Сярэдняга расточку, жвавенькі мужчынка – пра такіх у народзе кажуць: на хаду падноскі рве – у зашмальцаванай робе з падскокам прайшоў праз прахадную і наўпрост, не зважаючы на газоны, ірвануў да бліжэйшых майстэрняў. Азірнуўся па баках, радасна дастаў з-за пазухі бутэльку беленькай. На твары засвяцілася ўсмешка дзіцяці, які атрымаў доўгачаканую цукерку. Не запаволіўшы ходу, мужчына ўрачыста падняў паўлітэрку. Сонечныя промні, праламаўшыся праз шкло, зайчыкамі заскікалі па няголеным твары.
Шчасліўчык прыплюснуў вочы і, не заўважыўшы ямкі ў асфальце, спатыкнуўся. Паўбутэлек  "вадкай філасофіі” выслізнуў з рук, бразнуўся вобзем і пырснуў дзесяткамі дробных шкляначак.
Мужчына спыніўся, як укопаны. Яго твар раптоўна зморшчыўся, як печаны яблык. З роспачы ён накінуўся сам на сябе:
-- Разінька бязрукая, калека шостага разраду, грамазда, -- даносіліся абрывістыя словы.
Зразумеўшы, што страчанае не вернеш, мужчына пастаяў з хвіліну схіліўшы галаву, як над нябожчыкам, і ўжо паволі, са спартанскім спакоем і зайздроснай абыякавасцю, нага за нагу, пачапаў на сваё рабочае месца.
Палынная гарчыня смактала пад лыжачкай – гэта вантробы аплаквалі разбітае свята.

Як Юзіка ў армію праводзілі

У армію, кажуць, як і ў сваты, ходзяць адзін раз, а раз гэта такая важная падзея, то і адзначаць яе трэба адпаведна.
Юзік ішоў у армію у пару: у свае васемнаццаць. Як добрасумленны юнак, ён " не касіў” ад яе, прыкідваючыся хворым, і не даваў лататы, хаваючыся на будоўлях расійскай сталіцы: трэба, значыць, трэба выконваць свой мужчынскі абавязак. Бацькі, якія не маглі дачакацца, калі з сям’і аддадуць на пракорм дзяржаве лішні рот, добра падрыхтаваліся да адправін. Скрынка хлебнай пушчанскай, якая "гарыць аж патрэсквае”, "абойма” казёнкі, столькі ж жаноча-дзявочага пітва – на ўсіх хопіць.
На адправіны з’ехаліся ўсе да аднаго: і радня, і Юзікавы сябрукі, і цэлая ахопка ягоных "адзіных і каханых”.
Калі гулянка разагрэлася пад добрымі "кілаватамі” частых і моцных тостаў, сярод гасцей знайшліся зусім невядомыя асобы, якія завіталі з вуліцы "на агеньчык”.
Апоўначы рознагалосы, стракаты, кідкі ў бакі людскі ком пакаціўся на чыгунку, каб адправіць навабранца. Юзік, які яшчэ мог адрозніць чалавека ад дрэва, з чамаданам сунуўся ззаду.
Дыскатэку, якая распачалася на пероне, перарваў зіграсты і галавісты цягнік. Цалуючы адзін аднаго, госці  "павялі” Юзіка, які чакаў на пероне пакуль схлыне натоўп, у вагон.
Пара хвілін прыпынку. Даўшы гудок,  цягнік крануўся з месца і пачаў набіраць хуткасць. Зразумеўшы, што ў вайсковую часць трапіць не ён, а цэлая "рота” яго родных і знаёмых, Юзік сеў на чамадан і задрамаў.
Госці ж заўважылі адсутнасць навабранца толькі кіламетраў праз дваццаць і то з дапамогай правадніцы. З населенага пункта, што ў суседнім раёне, дзе выкуліліся, праважатыя  вярнуліся дадому толькі пад ранне.

"Немцы” ў хаце

 

Бы клінкі, сышліся бровы,

Вочы – бліскавіцы.

Мусіць лёс такі: нанова

Прыйдзецца сварыцца.

Муж узвінчаны, нервовы

Злобу вымяшчае.

Нібы дровы ў агонь, словы

Жорсткія кідае.

Пасядзіць і схамянецца,

Пройдзе ачмурэнне.

Есці просіць і клянецца,

Міліць прабачэнне.

Я не буду з ім сварыцца

Толькі ад адчаю.

Навучу цябе, мой "рыцар”,

Накармлю маўчаннем.

І не раз, бывала, чула,

Скардзіўся суседзям:

Вось дык жонка, каб ёй скула,

Помсціць, на мне едзе.

І зусім яна не дбае

Аб мужыцкім браце.

І  " не піліць”, не ўшчувае,

Проста "немцы ў хаце”.





Меню сайта
ПЕСНИ НА СЛОВА АВТОРА
Форма входа
Погода
Поиск
Календарь
«  Май 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Наша кнопка




Архив записей
<
Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0