Суббота, 18.05.2024, 14:41
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"Приветствую Вас Гость | RSS

Афіцыйны сайт пісьменніцы Галіны Сутула

Каталог статей

Главная » Статьи » Рассказы » Рассказы

І нявесцілася вечная вясна (апавяданне)
І нявесцілася вечная вясна


Частка першая

Вось ужо трэці год пайшоў як Кацярына і Анатоль пажаніліся. У іх не было шыкоўнага вяселля, як не было і юнацкай рамантыкі ў каханні. Абое мелі  па сорак  – дзе там было марыць аб палымяных паглядах, букетах кветак ды ўзнёслых прызнаннях. Жыццё вымушала думаць пра рэальнае: знайсці надзейную апору ў жыцці, нарадзіць дзяцей, звіць уласнае гняздзечка.
Іхняя нечаканая сустрэча скончылася прапановай Анатоля выходзіць за яго. Без доўгіх прыцірак і любосцяў яны пажаніліся і былі тым шчаслівыя. 
Ціхі, нешматслоўны Анатоль меў пакладзісты характар, быў дамавітым і  не пераборлівым. Кацярына, рухавая і ўчэпістая, адчуўшы мужаву прыхільнасць, з падвоенай энергіяй атуляла  сямейнае лона. Імкнулася, каб у сціплай  хаціне было чысценька і ўтульна, зварана і вымыта…
Першынец Міхасёк быў для бацькоў і падарункам лёсу, і забавай. Па чарзе ўдваіх калыхалі  хлапчука начамі, купалі, спявалі  яму песні, хадзілі на прагулкі, куплялі цацкі.
Размеранае будзённае жыццё, як выбітая каляіна, з якой цяжка збочыць, зрэдку набівала аскому, але неціхоты ў свеце, неспакой у суседзяў ды беды, што як жабракі хадзілі па людзях, прымушалі Кацярыну і Анатоля трымацца яе, адной каляіны на дваіх, няхай вузкай, цеснай, а часам і слізкай, старацца не трапіць наўзбоч гэтага ветрана-імгненнага паўсядзёння.
І ўсё ж загадаваць наперад неяк. З цягам часу Кацярына пачала прыкмячаць, што Анатоль яшчэ больш уцяўся. Маўклівы дагэтуль, ён толькі буркаў у адказ. Нават на сына глядзеў паверх галавы,  ласкавага слова для яго не знаходзіў. 
У адносінах да яе, Кацярыны, ласкі сталі такімі  скупымі, як словы, і такімі ж рэдкімі, як добрыя навіны. Жанчына нутром чула яго адчужанасць: здавалася, ён тут, побач, з ёй, і ў той жа час недзе далёка, з некім.
Пякучая думка смальнула неяк, як маланка: зараз свет такі разбэшчаны, норавы вольныя, распуста вакол. Можа ў яго другая? Думка моцна, як карабель на мель, засела ў галаве жанчыны.
А гэтая другая вось ужо месяц як прыбірала да рук Анатоля. Падспудна і нечакана, як злодзей, яна ўварвалася ў яго лёс. Спачатку ён спрабаваў змагацца з яе настойлівасцю завалодаць ім канчаткова, прымушаў сябе не думаць пра яе, меціўся пераступіць праз сябе і ўнушыць думку, што ён павінен быць шчаслівым з Кацяй і Міхасікам. Але тая, другая, была нахабнай не ў меру. Паціху, як змяя, падбіралася да яго, прымушала забываць пра сына, жонку, бацькоў, работу, пра вытаптаную сямейную каляіну і трымаць, песціць у думках толькі яе адну; прымушала  выбівацца са звычайнага будзённага рытму, кідала яго на раздарожжа, у невядомасць, сляпую і, хутчэй за ўсё, непазбежную.
Гэтая брыда выбрала Анатоля, не спытаўшы, ці хоча ён змен у жыцці, ці не. Яна навязала яму сябе, задавальнялася і радавалася, калі ён скрыгатаў зубамі і тоўк падушку, раздзіраючы глухім стогнам перапоўненую пустатой і адчаем цішыню. Яна цешылася і абдымала яго статнае, пакуль яшчэ моцнае цела, цалавала яго халоднымі вуснамі, ап’яняла і шаптала падкалодная: "Не аддам цябе нікому. Ты мой, назаўсёды мой”.
Цугам, адзін за другім, ішлі дні. Анатоль больш не мог супраціўляцца. Яго твар спалатнеў і выцягнуўся. Позірк блукаў па тварах родных яму людзей, але не знаходзіў радасці. Сэрца больш не ныла і не трымцела, калі жонка пачынала плакаць і спрабавала высветліць, што з ім.
Анатоль бы анямеў. Кацярына расцэньвала яго маўчанне як пацверджанне сваіх здагадак і доказ мужавай віны. Што яна магла зрабіць? Бачыла, як муж на вачах худнеў, жыў толькі яму зразумелым жыццём – бачыла і не магла падкласці рукі: ён таго не хацеў. Каб прызнаўся, пакаяўся, Кацярына зразумела і даравала б ўсё. Можа б яе, саперніцу сваю, чым залагодзіла, можа чым адкупілася б, каб толькі адчапілася, пакінула іх у спакоі. Пачалі б усё спачатку… Але дзе там?!
Анатоль і раней  ніколі не гаварыў з ёй  аб патаемным, саромеўся, ці ж раскажа цяпер пра сваё пабочнае захапленне?
-- Хоць бы ўбачыць яе разок, тую, што перайшла ёй дарогу. Чым яна змагла заманіць-прысушыць? -- Кацярына выцірала слёзы. – Ці гаворыць ён ёй прыгожыя словы ці вось так зацята  маўчыць?
Вечарамі пасля работы Анатоль часта сыходзіў з дому. Аднойчы не быў цэлы тыдзень.
-- Як кот благі, -- кожны раз са злосцю думала Кацярына, калі бачыла як ён, ссутулены і змрочны, з адчужаным  позіркам выходзіў за дзверы.
У такія хвіліны ёй хацелася ўсё біць, крышыць, рваць, ламаць, лямантаваць і кусаць…

Частка другая

У той майскі вечар, калі сад ля хаты, здавалася аж прысядаў пад цяжарам квецені, Анатоль апрануў касцюм, у якім вянчаўся з Кацярынай, абуў тыя ж чаравікі, спырснуўся адэкалонам. Рухі нервовыя, рэзкія і  таропкія. Выцвіла-бледны твар напружаны і чужы. Паспяшыў да дзвярэй, затым вярнуўся. Узяў пашпарт, абняў сына. Упершыню за апошнія тры месяцы абцалаваў яго. Падышоў да жонкі, узяў за руку:
-- Даруй, што не адбылося ў нас, але я толькі цябе адну кахаю.
-- А навошта пашпарт узяў? Пойдзеш запісвацца з ёй? – жонка вырвала руку.
-- Каця, давай прысядзем на дарогу. Няхай яна будзе ў вас з Міхасікам гладзейшая, чым наша цяперашняя.
-- Ага, зараз, -- залямантавала Кацярына. – Сям’ю кідаеш і хочаш, каб недзе пашчасціла? На чужой бядзе раскашаваць не будзеш. А Міхасік? Як ён будзе без бацькі? А можа там у цябе і сын другі ёсць?
Яна галасіла, убіўшыся яму ў грудзі.  Яго касцюм пах яе духамі, яе маладосцю, тым шчаслівым вянчальным днём. У ім ён адыходзіў да другой.
-- Ну што стаіш, як статуй? Скажы хоць што, валуй каменны, -- Кацярына таўкла яго кулакамі, а ён нават не варухнуўся. 
Затым  пасадзіў  яе ў крэсла, узяў на рукі сына, прыціснуў да грудзей…
Хвіліна маўчання рванулася як незацугляны стаеннік…
Імгненне. Анатоль паспешна пераступіў парог:
-- Не памінай ліхам, Каця.
Гэта былі яго апошнія словы.

Частка трэцяя

Праз тыдні два да Кацярыны зайшоў сябар Анатоля Мар’ян. Яны працавалі ў адной будаўнічай брыгадзе. Мар’ян быў халасцяком, і Кацярына падазравала, што менавіта ён звёў яе мужа з другой жанчынай. Зыркнула на яго са злосцю:
-- Чаго прыпёрся? Сышоў твой сябрук да той сучкі.
-- Я да цябе. – Мар’ян паклаў на стол нешта, загорнутае ў паперу. – Анатоль перадаў табе грошы. Ён падзарабляў вечарамі, каб хоць нешта пакінуць табе з сынам.
-- Хай сабе забірае, добразычлівец. У самога нябось мову адняло ад сораму, шкурнік бабскі.
-- Каця, сядзь і не кіпяціся. Так як ён цябе кахаў, ніводзін мужчына не здольны, павер мне. Не злуй на яго за маўчанне, ён цябе ашчаджаў, аберагаў ад стрэсу. Не злуй за адлучкі – ён халтурыў па вечарах. Не гавары пра яго дрэнна, бо праз нябожчыкаў кажуць альбо добрае, альбо нічога.
Кацярына выпрасталася і анямела.
-- Паўгода назад у Анатоля знайшлі рак.  Я вазіў яго ў Бараўляны, абпраменілі яго. Ён ведаў, што доўга не пражыве, а ў сям’і – ні капейкі. Я шукаў яму заказчыкаў, і мы разам халтурылі. Ён вярнуў, як конь, іншы раз я дзівіўся, што хворы, а такі дужы.
-- Толя…,  -- Кацярына раптоўна зразумела ўсё. Ёй не верылася, што Анатоль, якога яна абзывала бабнікам і кляла, думаў толькі пра адно: не зрабіць бы ёй балюча.—Дык вось хто адняў у мяне мужа: гэта  сцерва жаночага полу,  гэта агіда-смерць.
-- Ён не хацеў мяне бачыць? – яе душылі слёзы.
-- Ён казаў, калі чалавек памірае і яго не бачыш у дамавіне, здаецца, што ён проста ў ад’ездзе. Ён хацеў, каб ты яго чакала. Калі кахаеш, усё роўна не паверыш, што ён памёр. А пахавалі яго на радзіме,  побач з бацькам.

На наступны дзень Кацярына аўтобусам даехала да вёскі, дзе жыла свякроў. У яе хаце апранула вянчальную сукенку, уссунула на ногі белыя туфлі і пайшла на могілкі.
Крочыла няспешна, асцярожна, нібы дзіця, на руках несла кветкі. Ішла, здавалася, на спатканне, але са шчымліва-трывожным болем у грудзях.
Новае жытло свайго Толі пазнала здалёк па свежаму пясчанаму ўзгорачку.
-- Любы мой, -- Кацярына прыпала вуснамі да крыжа. – Даруй мяне, дурніцу, за тыя клятыя словы, якімі марала цябе. Кахала я цябе, раўнавала, не хацела нікому аддаваць. Не падарунак я: звычайная языкастая баба, даруй, міленькі. Ведай: ты быў і застанешся  маім адзіным мужчынам…За грошы дзякуй. Я на іх долары куплю і схаваю. Міхасік жаніцца будзе – падару іх ад цябе, ад татачкі, -- яна галасіла на ўсю ваколіцу… -- Каб жа я ведала, што  такое здарыцца, я не адыходзілася б ад цябе ні на крок. Глядзела б, каб на ўсе гадочкі, што без цябе застануся, нагледзецца, размаўляла, маўчала б з табой… Я ж не магла нават у страшным сне такое прысніць…

***

Смерць абвянчала чалавека з сырой, набрынялай вільгаццю зямлёй, схавала яго ад сям’і і вясны пад тоўшчай пяску і цемені, замуравала ў часе, спыніла на паўкроку ў дзень заўтрашні…
Кацярына сядзела ля магілы, а вакол спявала, стракатала, кружыла, нявесцілася вясна. Накідвала белы вянчальны вэлюм на сады, зеляніла дрэвы і лугі, растрасала па акрузе птушыныя спевы, вышывала золатам сонечных промняў палеткі, нібы на арэлях, гойдалася на бела-блакітных аблачынах.
Паміж смерцю і жыццём нябачнай постаццю ўзвышалася вечная Любоў…

Галіна Сутула.
Категория: Рассказы | Добавил: Звонка (30.05.2012)
Просмотров: 1546 | Комментарии: 2 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 1
1 igcPFe  
0
<a href=https://sildenafil.buzz>can't keep an erection even with viagra</a> Median age was high, at 78 interquartile range, 69 85 years, and 47 were women Table 1

Имя *:
Email *:
Код *:
Меню сайта
ПЕСНИ НА СЛОВА АВТОРА
Форма входа
Категории раздела
Погода
Поиск
Наша кнопка




Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0