Суббота, 18.05.2024, 13:06
Вы вошли как Гость | Группа "Гости"Приветствую Вас Гость | RSS

Афіцыйны сайт пісьменніцы Галіны Сутула

Каталог статей

Главная » Статьи » Рассказы » Рассказы

Храм Веры на папялішчы душы (апавяданне)
Храм Веры на папялішчы душы

Частка першая

Вёска Сяўнёва ўпрытык падыходзіла да лесу, прайшоўшы які напрасткі можна было апынуцца ў памежжы з райцэнтрам. Але старых сяўнёўцаў  горад зусім не спакушаў, бо там людзі жылі ў цесных кватэрных "катушках” і нават лапіка зямлі сваёй не мелі. Тую ж цыбуліну ці агурок ішлі на "хітрушку” купляць. А ў вёсцы  ў кожнага соткі ды гектары як вокам кінуць. Калі ёсць сіла ды конік  свой, -- ары, сей,садзі ды хадзі за прыпасамі ў склеп, у якім  гародніны бывае больш, чым на рынку.
Палова жыхароў Сяўнёва насіла аднайменнае назве вёскі прозвішча, што сведчыла аб тым, што людзі яны тутэйшыя, не прышлыя: з сяўні жывуць ды хлеб ядуць.
-- А вось маладыя – іншая справа: хлопцы не за плуг прывыклі трымацца, а кнопкі на магнітафонах ціскаць; дзяўчаты не ў градках сядзець, а  лыткі павыстаўляўшы, на танцулькі бегаць. Кіно нагледзяцца, дзе начальнікі  з папкамі  ды ў капелюшах ходзяць, і яны той уладны капялюш сняць. Школу пазаканчваюць і маху ў горад – аж пыл курыць, -- паджылыя людзі, забыўшыся, што самі некалі былі маладымі, заўсёды ганілі падрастаючае пакаленне.
Не надта былі задаволены рашэннем сына Андрэя і Сяўнёвы Люба з Раманам. Год дзесяць назад дачку выправілі вучыцца – пінчанін яе замуж узяў і звёз, цяпер рады ў гады бачацца. Добра, што сын пакуль пры бацьках: лішняя пара рук у гаспадарцы, асабліва ў сезон, не зашкодзіць. Але ў хлопца сёлета выпускны і ён ужо вострыць лыжы на горад. Бацькоў цешыла толькі тое, што Андрэй карагодзіў Антосеву Юльку. А ў іх сям’я вялікая, маці хворая, можа, дзеўка застанецца дома на падхопе. Тады і Андрэй  ля дому быў бы, да зямлі прывязаўся б.
Але ў Андрэя і Юлькі былі свае планы. Яны іх абгаварылі яшчэ ў дзесятым класе. Ліпеньскай ноччу ляжалі, распластаўшыся, на капешцы духмянага сена і гаварылі, гаварылі пра  адно на дваіх жыццё. Толькі зоркі і чулі іх сакрэты.
Пасля школы жыццё выправіла хлопца і дзяўчыну з роднай вёскі і развяла па інстытутах вялікіх гарадоў.
Напачатку Андрэй і Юлька перапісваліся, перазваньваліся. Пазней, як перараслі дзяцінства, сустракаліся раз у месяц, калі прыязджалі да бацькоў. Іх адносіны былі гладкімі і роўнымі, як бальшак ад Сяўнёва да райцэнтра.

Частка другая

Калі здаралася якая аказія – ці хто з сяўнёўцаў ехаў у горад у камандзіроўку, ці ў бальніцу – Люба пасылала сыну вясковых прысмакаў: свойскага тваражку, шкварку з любовінай ці каўбаску. Неяк ў матуліным "прывітанні” з дому, якое атрымаў перад самай вясновай сесіяй, Андрэй знайшоў кароценькую запіску. Маці паведамляла, што яго Юлька выходзіць замуж за сталічнага жаніха і што праз два тыдні маладыя будуць вянчацца ў мясцовай царкве.
Андрэю здалося, што ён камянём ляціць у прорву. Два тыдні назад ён бачыўся з Юлькай у Сяўнёве. Яны планавалі на канікулах з’ездзіць да яго цёткі  ва Украіну. Юлька цалавала яго, глядзела ў вочы, шаптала, што сумуе без яго, што кахае так, як ніякая іншая не ўмее.
-- Не можа быць! Няўжо яна такая, як усе, пустышка? – ён гатоў быў пераадолець тысячы кіламетраў, каб зноў паглядзець ёй у вочы, пачуць прызнанне і пераканацца ў тым, што людскія языкі хлусяць.
Да сталіцы былі ўсяго дзве сотні кіламетраў. На спадарожных машынах Андрэй дабраўся да інтэрната, дзе жыла дзяўчына. Былі чатыры гадзіны раніцы, калі ён з усіх сіл загрукаў у дзверы, перапужаўшы вахцёрку. Тая спачатку пагражала міліцыяй, але, аправіўшыся ад спрасоння і ўбачыўшы, што хлопца гэтым не спужаеш,  дзверы перад "братам Юлі Сяўнёвай” адчыніла.
Праз тры прыступкі ляцеў ён да запаветных дзвярэй. Рэха настойлівага стуку пабегла па прыціхлых калідорах.
-- Юля, адчыні, гэта я, Андрэй. Нам  тэрмінова трэба пагаварыць, -- голас ледзь не зрываўся на крык.
Лепш бы тыя дзверы не адчыняліся.  Заспаная Юлька, яго шэравокая гарэза з кароткай стрыжкай, выглянула з-за плячэй хлопца атлетычнага выгляду.
Убачыўшы Андрэя, яна нават не разгубілася. Як і раней, зашчабятала, што рада бачыць, запрашала на вяселле, цягнула за рукаво ў пакой, каб пазнаёміць са сваім Аляксеем, які позіркам начной савы ўтаропіўся ў нязванага госця.
-- Нічога страшнага не адбылося, дурненькі. Што на мне свет клінам сышоўся? Знойдзеш сабе другую, -- нібы варам апарылі хлопца тыя словы. – Жыццё такое, Андрэйка: адзін знаходзіць, другі – губляе. У нас з табой школьная забава была ўсяго толькі…
Свет для Андрэя завязаўся ў цёмны тугі вузел. Ён не памятаў, што казаў, як дабіраўся ў свой горад, як тыдзень праляжаў лостам не еўшы, не падымаючыся. Калі апрытомнеў, не мог саўладаць з сабой: пачуцці мяняліся, як напрамак ветру – душу вярэдзілі то абыякавасць, то  роспач, то нявер’е. Ён шукаў апраўдання для дзяўчыны і не знаходзіў. Не разумеў, як яна магла  лісой прыкідвацца, лашчыцца, цалаваць, абяцаць, казаць, што кахае і раптам… нічога страшнага не адбылося.
Ад думак пухла галава, а ад бяссоння чырванелі і слязіліся вочы. Хвілінамі ён захлынаўся ад жалю, які змяняўся лютай злосцю. На каго? На Юльку? Ды не. Што яна? Дзяўчо неразумнае. Другі  можа грубай сілай узяў, не чакаючы ніякай згоды… Не, ён злаваў на Бога. Гэта Ён пакараў яго здрадай, адабраў шчасце, перакрэсліў будучыню? Чым так правініўся перад ім ён, Андрэй?
-- Каб Ты быў на небе, то не дапусціў бы такога здзеку нада мной, -- надрыўна крычала сэрца і аплаквала страчанае каханне.

Частка трэцяя

Нібы з цяжкім каменем за пазухай, з такой думкай прыехаў Андрэй у вёску ў дзень вянчання Юлькі і Аляксея. Уся вёска сышлася да царквы. І толькі ён, каб не чуць царкоўных званоў, заткнуўшы вушы, ляжаў у ложку.
Ад царквы шумнае вяселле пакацілася да Антосевай хаты, якая стаяла на ўскрайку вёскі. Хрып гармонік, рэжучы старадаўнюю польку, не спявалі, а надрыўна крычалі падвыпіўшыя сваты, смяяліся дзяўчаты ў абдымках кавалераў…
Майская ноч душыла спякотай і бязветранасцю. Пад поўнач усчалася навальніца.  На небе не разміналіся маланкі. Як абухом у сцяну, недзе воддаль біў гром, раз-пораз ляскалі перуны. І ніводнай кроплі дажджу: па прыкметах --  на добрае надвор’е.
Андрэй падхапіўся і спешным крокам накіраваўся да царквы. Ахапка сухога  леташняга сена, якую ўзяў з сабой, пыхнула і загарэлася. Полымя за лічаныя хвіліны ўелася ў сухія дошчачкі драўлянага Храма і праз паўгадзіны ён, старэнькі вясковы доўгажыхар, запалаў…
А на другім канцы вёскі, не баючыя маланак і перуноў, раскашавала вяселле.

Частка чацвёртая

Сяўнёўцы вырашылі, што царква згарэла ад перуна. Пустое папялішча засталося на яе месцы. Тое ж  было і ў душы юнака, які разам з вясковым Храмам жывасіллю  выпаліў  у сабе веру ў Госпада…
Андрэй скончыў інстытут, але замест накіравання на працу атрымаў накіраванне ў тубдыспансер. Спачатку дыягназ не спалохаў і не здзівіў хлопца, бо ўжо колькі часу адчуваў, як  смылела, пякло ў грудзях. Ні з таго, ні з сяго навальваўся кашаль, сухі, надакучлівы, які біў аж да поту. А  затым доўга выдзялялася макрота  ружовага колеру.
Інтэнсіўнае лячэнне і спадзяванні на дужы малады арганізм вынікаў не прынеслі. Андрэй губляў вагу, жаўцеў і чах. Праз тры месяцы ён не змог падняцца з ложку. Анямелі, чужымі сталі рукі. Нібы пластылінавыя, вялыя ногі не маглі ўтрымаць астаткі яго вагі. Нічога надта не балела, але хацеў ляжаць. Нават языком варушыць  было цяжка.
Куды ні вазіла маці сына, радачкі не было: хлопец згараў на вачах.  Аднойчы праз адчыненыя дзверы  ён пачуў словы доктара, якія ён казаў маці: "Не хадок ён. Можа вы да бабак якіх з’ездзіце, у царкву сходзіце, памоліцеся…” Толькі тады да Андрэя дайшло, што хвароба --  не жартачкі: ні яго маладыя гады, ні  жаданне жыць яго ўжо  не выратуюць. Ад гэтай страшнай думкі хлопец страціў прытомнасць. Ачуняў ад болю апёкаў: здалося, што цела гарыць, трэскаецца, лушчыцца... Боль з лёгкасцю вырываў з душы крыкі адчаю і выціскаў слёзы з вачэй.
-- Што я нарабіў? – сам сябе ў тысячны раз муштраваў пытаннем Андрэй. – Прычым тут Бог, калі яна шлюха была. Дзякаваць трэба было Богу, што вочы адкрыў, што засцярог, збярог ад большых непрыемнасцей, што не пусціў ўсё жыццё пад нож… А я яго дом паліў. Каюся, Божа. Калі жыццё забіраеш, хоць даруй…

Частка пятая

Каляндар губляў лісты, як дрэва лістоту пад восень. Як па смале працягнуўся яшчэ адзін год. 
У палаце, куды ў чарговы раз паклалі Андрэя, працавала новая медсястра. Ірына прыветліва ўсміхнулася яму, падбадзёрыла ласкавым словам, пачала рабіць прыпісаныя працэдуры. Справіўшыся, адкрыта глянула ў вочы. На дне яе блакітных вачэй адлюстроўваліся нявыказаная жаночая самота і пакорлівасць. Ад яе спакойнай, падобнай на мацярынскую, усмешкі, Андрэю пасвятлела на душы.
Аднойчы яна прынесла на дзяжурства кнігу. Чытала яе, употай змахвала слёзы, адрывалася ад старонак, доўга і, здавалася, бессэнсоўна ўглядалася ўдалеч. Андрэй нутром адчуў, што ў яе жыцці была свая атрута.
Заўважыўшы яго пільны позірк, Ірына прапанавала пачытаць вершы. У адказ на яе кніжныя, ён прачытаў некалі завучаны, невядомага аўтара, пра няшчаснае каханне.  Іх погляды, затуманеныя слязьмі, сутыкнуліся. Ад удару з абедзвюх душ выліўся нявыплаканы і нявыказаны нікому боль.
Ірына, як і Андрэй, ведала кошт здрады. Адна гадавала двух дзяцей, адна сустракала ночы і чакала ранні, не ведала ніякіх святаў, працавала, працавала, каб заняцца, ні пра што не думаць. Але ў адрозненне ад яго, Андрэя,  у сваім няўдалым лёсе нікога не вінаваціла, ні на каго не злавала.
-- Госпад не дае выпрабаванняў чалавеку звыш яго сілаў. У кожнага свой Крыж на Галгофу. Несучы яго, мы мацнем духам і знаходзім веру, за якую  будзе ўзнагарода яшчэ пры гэтым жыцці, -- нібы пераконваючы некага, казала жанчына.
Яны гаварылі аж да ранку. Нібы пад гіпнозам, Андрэй даверыў ёй сваю страшную тайну. Як на духу расказаў усё, як было, і сцішыўся ў чаканні, нібы вінаваты школьнік.
-- Усё бывае, не хвалюйся. Мы ўсе людзі розныя і рознымі шляхамі прыходзім да Госпада. Галоўнае, каб мы адчулі гэту неабходнасць і пакаяліся, калі саграшылі. Малайчына, што расказаў мне, што выграб гэты бруд са сваёй душы. Госпад Бог міласэрны, ён усё даруе. Ты будзеш хадзіць. Ты будзеш любіць і цябе будуць любіць. Дзетак будзеш мець і іх да Бога весці, – яна палівала яго сваімі слязамі і асыпала пацалункамі.
У душы Андрэя настаў час ледаходу…

Частка шостая

Праз чатыры гады пасля пажару ў Сяўнёве адбудавалі царкву.
Жнівеньскай нядзеляй айцец Міхаіл сустракаў тут чарговую пару.
Ён высокі  кучаравы  русавалосы  малады прыгажун. Яна сціплая, са свежымі маршчынкамі ля вачэй. Па насыпанай жвірам дарожцы, не адчуваючы болю, Ён і Яна на каленях ішлі да Госпада.
Наваколле абудзіў царкоўны звон. Меладычным рэхам у тон яму адазваўся  ў юнацкай душы званочак Храма, пабудаванага з цаглінак Веры, умацаваны Божай існасцю і зямной чалавечай любоўю, здольнай тварыць цуды.
-- Вянчаецца раб Божы Андрэй з рабой Божай Ірынай.., -- воляй дадзенай Госпадам на зямлі бацюшка цэментаваў выпакутаванае, такое чаканае і дарагое, людское шчасце.

Галіна Сутула.
Категория: Рассказы | Добавил: Звонка (30.05.2012)
Просмотров: 789 | Комментарии: 1 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Меню сайта
ПЕСНИ НА СЛОВА АВТОРА
Форма входа
Категории раздела
Погода
Поиск
Наша кнопка




Статистика

Онлайн всего: 1
Гостей: 1
Пользователей: 0